КАМБІНАЦЫ́ЙНАЕ РАССЕ́ЯННЕ СВЯТЛА, раманаўскае рассеянне святла,

рассеянне святла рэчывам, якое суправаджаецца зменай частаты зыходнага святла на частату ваганняў малекул асяроддзя ці крышталічнай рашоткі. Бывае спантаннае, вымушанае і кагерэнтнае. Выкарыстоўваецца для вывучэння структуры і ўласцівасцей рэчыва і для пераўтварэння частаты святла.

Адкрыта ў 1928 сав. вучонымі Г.С.Ландсбергам і Л.І.Мандэльштамам на крышталях і незалежна інд. фізікамі Ч.Раманам і К.С.Крышнанам на вадкасцях. Назіраецца ў выглядае спектральных ліній, зрушаных адносна ліній рэлееўскага рассеяння святла ў бок меншых частот (стоксавы кампаненты) ці большых частот (антыстоксавы кампаненты). Спантаннае К.р.с. адбываецца пры апраменьванні ад магутных нялазерных крыніц святла (напр., ртутных лямпаў), вымушанае і кагерэнтнае — ад магутных лазерных крыніц. Яно можа выклікаць перапампоўку да 90% энергіі першаснага пучка ў стоксавыя і антыстоксавыя кампаненты.

На Беларусі работы па вывучэнні і выкарыстанні К.р.с. вядуцца ў Ін-це фізікі, Ін-це малекулярнай і атамнай фізікі Нац. АН, БДУ і НДІ прыкладных фіз. праблем імя А.Н.Сеўчанкі.

П.А.Апанасевіч.

т. 7, с. 507

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)